"Апошняя дыктатура ў Эўропе" – гэта Захад сур'ёзна?

Агульнавядомая ісьціна, што Беларусь – “апошняя дыктатура ў Эўропе”, шмат кажа пра сутнасьць беларускага рэжыму. Яна вымагае выразна акрэсьленай маральнай пазыцыі датычна дыктатуры, але мала чым дапамагае ў вызначэньні практычнай палітыкі, якую можна і трэба эфэктыўна ажыцьцяўляць у дачыненьні да гэтай краіны. Па-першае, нават калі б палітыка на сто адсоткаў засноўвалася на маральных каштоўнасьцях і ідэалах, усё адно было б складана ўвесьці жорсткія палітычныя і эканамічныя санкцыі супраць уладаў і пры гэтым не закрануць шырокага грамадзтва. Па-другое, наўрад ці магчыма падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць, заахвочваць іншадумства і спрыяць трансфармаваньню (ц)і падзеньню рэжыму-ізгоя, калі ў адказ на міжнародную ізаляцыю ён увядзе гэткую ж ізаляцыю знутры і зьвернецца да палітыкі аўтаркіі і абмежаваных кантактаў зь іншымі дзяржавамі-ізгоямі. Па-трэцяе, палітыка Захаду датычна рэжымаў-ізгояў ніколі не была і наўрад ці ў агляднай будучыні стане скаардынаванай, пасьлядоўнай і цалкам заснаванай на маральных прынцыпах. У ёй насамрэч заўсёды было і яшчэ доўга будзе багата апартунізму, партыкулярызму, сэпаратных змоваў, крывадушнасьці, падвойных стандартаў і іншай брыды, якую эўфэмістычна называюць Realpolitik.

Вядома, няпроста знайсьці належную раўнавагу паміж усімі гэтымі фактарамі і вызначыць аптымальную лінію. Але неабходна дакладна трымацца двух найважнейшых патрабаваньняў. Па-першае, грамадзянская супольнасьць на Захадзе павінна ціснуць на свае ўлады і прыватны бізнэс, каб яны праводзілі ў дачыненьні да недэмакратычных рэжымаў больш пасьлядоўную і менш крывадушную палітыку. Грамадзтву нельга трываць цынічных заяваў, што робяць палітыкі і вядомыя журналісты, кшталту таго “мудрага” назіраньня, што зрабілі “French News” напярэдадні парлямэнцкіх выбараў ва Ўкраіне і прэзыдэнцкіх – у Беларусі: “Ад Балтыйскага да Чорнага мора Расея твар у твар сутыкаецца з НАТО ці з прэтэндэнтамі на ўваходжаньне ў Альянс. І яна, як акупаваная краіна, непакоіцца за сваю будучыню. Парадаксальна, але ў гэтай сытуацыі найлепшым (sic!) выйсьцем для народаў абедзьвюх краінаў (г. зн. Беларусі і Ўкраіны. – М. Р.), прынамсі, у кароткатэрміновай пэрспэктыве, было б прагаласаваць супраць заходніх тэндэнцыяў”.

Па-другое, санкцыі супраць краінаў-“нягоднікаў” мусяць быць абмежаваныя і цьвёрда вызначаныя, а санкцыі супраць афіцыйных асобаў – шырокія і гнуткія. Асноўны і, напэўна, самы эфэктыўны мэханізм пакараньня “праблемных” чыноўнікаў – адмовы ў візах і замарожваньне банкаўскіх рахункаў. У адказ на кожнае парушэньне правоў чалавека, запалохваньне апазыцыі, кожнае парушэньне закону міліцыяй, судамі, мытнымі службамі і г. д. урады заходніх краінаў павінны ўносіць у “чорны сьпіс” канкрэтныя імёны канкрэтных чыноўнікаў, якія парушылі закон. Беззаконьне ў Беларусі – не безыменнае, і чыніць яго не адзін Лукашэнка. Сьпіс чыноўнікаў-ізгояў мусіць папаўняцца штодзённа, пачынаючы ад самых вярхоў і да найніжэйшых прыступак герархіі. Больш за тое, паколькі найвышэйшыя афіцыйныя асобы Беларусі адкрыта хваляцца, што могуць абысьці санкцыі, зрабіўшы сабе новыя дакумэнты з фальшывымі імёнамі, вельмі пажадана было б увесьці біямэтрычны кантроль.

Вядома, скаардынаваны, пасьлядоўны ціск міжнароднай супольнасьці – не адзіны сродак, які можа ўрэшце паспрыяць зьмене рэжыму, але, як я паспрабую давесьці далей, ён можа аказацца самым эфэктыўным і лёгка ажыцьцяўляльным.

Трываласьць аўтарытарных рэжымаў

Лукан Ўэй у шэрагу артыкулаў зрабіў прарыў у вывучэньні шляхоў разьвіцьця розных аўтарытарных рэжымаў з пэўнай доляй палітычнай канкурэнцыі і пазначыў тры фактары, ад якіх у вялікай ступені залежыць лёс рэжыму: 1) моц дзейнага кіраўніка дзяржавы, 2) зьяднанасьць і моц апазыцыі і 3) міжнароднае асяродзьдзе. У сваім досьледзе Ўэй зыходзіць зь меркаваньня, пацьверджанага эмпірычна, што “дзейныя кіраўнікі дзяржавы пры аўтарытарных рэжымах з пэўнай доляй палітычнай канкурэнцыі хочуць захаваць сваю пасаду і дзеля гэтай мэты могуць пайсьці на незаконныя прыёмы (напрыклад, фальсыфікацыю выбараў і разнастайныя рэпрэсіі)”. Ўэй прапанаваў мадэль, якая ўсебакова раскрывае ўзаемадзеяньне трох згаданых фактараў і падрабязна тлумачыць, “чаму некаторыя аўтарытарныя рэжымы з пэўнай доляй палітычнай канкурэнцыі, сутыкнуўшыся з крызісам, дэмакратызуюцца, а іншыя захоўваюць стабільнасьць ці ўмацоўваюць аўтарытарызм”. Гэтая мадэль дае дасьледчыкам напаўаўтарытарных рэжымаў выдатны інструмэнт, каб аналізаваць верагодныя варыянты разьвіцьця падзеяў у адпаведных краінах і выпрацоўваць належныя палітычныя рэкамэндацыі.

З гледзішча Ўэя, моц дзейнага кіраўніка дзяржавы характарызуецца трыма вельмі важнымі для жыцьцяздольнасьці рэжыму паказьнікамі: адзінствам эліты, здольнасьцю да прымусу і кантролем над выбарамі. Адзінства эліты азначае ступень дысцыплінаванасьці і адданасьці, якой найвышэйшая выканаўчая ўлада можа патрабаваць ад астатняй дзяржаўнай эліты. Здольнасьць да прымусу паказвае, наколькі ўлада ў стане кантраляваць і ўдушаць апазыцыйныя сілы. Дзеля гэтага патрэбныя сыстэма цікаваньня і мэханізм рэпрэсіяў, а таксама эфэктыўны кантроль над імі. Кантроль над выбарамі характарызуе здольнасьць улады атрымліваць перамогі на выбарах, спалучаючы мабілізацыю выбарцаў і фальсыфікацыі. Дзеля гэтага неабходная арганізацыйная структура – афіцыйная ці неафіцыйная партыя ўлады.

Моц апазыцыі вымяраецца паводле двух крытэраў: зьнітаванасьці і мабілізацыйнага патэнцыялу. Зьнітаванасьць азначае найперш здольнасьць апазыцыі аб’яднацца ў шырокую антыаўтарытарную кааліцыю і ня даць уладзе зьдзейсьніць прынцып “падзяляй і валадар”. Мабілізацыйны патэнцыял паказвае, наколькі апазыцыя ў стане арганізаваць грамадзянаў на выступленьні супраць улады. Гэты чыньнік залежыць ад сілы апазыцыйных партыйных арганізацыяў, моцы і незалежнасьці грамадзянскай супольнасьці (асабліва працоўных, студэнцкіх і праваабарончых арганізацыяў) і ступені ўзаемадзеяньня паміж структурамі грамадзянскай супольнасьці і палітычнай апазыцыяй.

Усе пералічаныя складнікі маюць надзвычайную важнасьць, бо, як адзначае іншы экспэрт, для перамогі апазыцыі пры напаўаўтарытарным рэжыме “патрабуецца нашмат вышэйшы ўзровень мабілізацыі, адзінства, навыкаў і гераізму, чым зазвычай у дэмакратычных умовах”[1]. Часта дзеля перамогі таксама неабходнае міжнароднае назіраньне і ўмяшаньне, каб папярэдзіць або выявіць і абвясьціць незаконнымі выбарчыя махінацыі і фальсыфікацыі з боку аўтарытарнага рэжыму. Таму трэцім фактарам, ад якога залежыць зьмена ці захаваньне рэжыму, называецца міжнароднае асяродзьдзе, ці, дакладней, уплыў Захаду.

Стывэн Левіцкі і Лукан Ўэй даводзяць, што па заканчэньні халоднай вайны дзякуючы сувязям з Захадам захаваньне аўтарытарызму абыходзіцца даражэй, а эліта атрымлівае дадатковыя моцныя стымулы гуляць паводле дэмакратычных правілаў. Дасьледчыкі вылучаюць ва ўплыве Захаду два паказьнікі: зьвязанасьць зь ім і ягоныя падважнікі ўзьдзеяньня. На іхны погляд, зьвязанасьць з Захадам мае на ўвазе геаграфічную набліжанасьць, эканамічную інтэграцыю (рэальную і пажаданую), ваенныя альянсы, патокі міжнароднай дапамогі, ахоп міжнароднымі СМІ, сувязі зь міжнароднымі НДА і зь іншымі наднацыянальнымі структурамі, эліту, якая працавала б у міжнародных арганізацыях (ц)і атрымала б адукацыю ў заходніх унівэрсытэтах. Падважнікі ўзьдзеяньня, як мяркуюць Левіцкі і Ўэй, паказваюць, наколькі ўрады заходніх краінаў і міжнародныя арганізацыі здольныя ўплываць на недэмакратычныя рэжымы. Бясспрэчна, тыя будуць больш падатлівыя, калі залежаць ад Захаду ў эканамічным (ц)і вайсковым пляне.

Абмаляваная мадэль дапамагае вытлумачыць разьвіцьцё падзеяў практычна ва ўсіх посткамуністычных краінах як вынік складанага ўзаемадзеяньня згаданых трох фактараў. Гэтую мадэль можна таксама выявіць як змаганьне аўтарытарнай дзяржавы і грамадзянскай супольнасьці ў пэўным міжнародным асяродку, які мае каталізацыйны эфэкт. У рамках гэтай канцэпцыі прасьцей зразумець прычыны пасьпяховых дэмакратычных пераўтварэньняў у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе і краінах Балтыі: там грамадзянская супольнасьць аказалася дастаткова моцнай, каб разбурыць ленінісцкую дзяржаву і перайсьці да лібэральнай дэмакратыі. Гэтаксама робіцца зразумелым, чаму не ўдаліся дэмакратычныя пераўтварэньні ў Сярэдняй Азіі: там ня склалася амаль ніякай грамадзянскай супольнасьці. І нарэшце, прапанаваная Левіцкім і Ўэем мадэль дазваляе асэнсаваць працэсы на Балканах і ў заходніх рэспубліках былога СССР як працяглую барацьбу двух аднолькава моцных, ці, дакладней, аднолькава слабых, супернікаў: разладжанай аўтарытарнай дзяржавы і слаба разьвітай грамадзянскай супольнасьці.

Апошнія два прыклады – Балканы і заходнія постсавецкія рэспублікі – самыя складаныя, а значыць, і самыя цікавыя з аналітычнага гледзішча. У прыватнасьці, пры іх супастаўленьні выяўляецца роля заходняга ўплыву – вельмі станоўчая ў балканскім выпадку і досыць нэўтральная ці адмоўная на захадзе былога СССР. Варта нагадаць, што ў першай палове 1990-х усе гэтыя краіны мелі вельмі блізкія паказьнікі дэмакратычнага разьвіцьця. Фактычна ў той час заходнія рэспублікі былога СССР нават апярэджвалі посткамуністычныя балканскія краіны[2].

Усе гэтыя адносна адкрытыя для палітычнай канкурэнцыі рэжымы паўсталі напрыканцы 1980-х – у пачатку 1990-х гг. пераважна ў выніку рэарганізацыі anciens regimes (старых рэжымаў), а не перамогі моцнай і рашучай грамадзянскай супольнасьці. Ва ўсіх згаданых краінах працягвала весьці рэй старая эліта, мала прыхільная да дэмакратыі, ім усім бракавала гістарычнай традыцыі дэмакратыі, паўсюль была слабая грамадзянская традыцыя і прававая дзяржава. Аднак перад балканскімі дзяржавамі ў доўгатэрміновай пэрспэктыве ў рамках пагадненьняў аб стабілізацыі і супрацоўніцтве адкрывалася сяброўства ў Эўразьвязе. Урэшце яны ўзьняліся паводле паказьніка дэмакратычнага разьвіцьця ад “нетрывалага аўтарытарызму” да “нетрывалай дэмакратыі”. Між тым эўрапейскія рэспублікі былога СССР ня мелі стымулу ў выглядзе пэрспэктывы далучыцца да Эўразьвязу, і ў другой палове 1990-х гг. яны пасунуліся ў супрацьлеглым кірунку – ад “нетрывалай дэмакратыі” да “нетрывалага” – пакуль – аўтарытарызму. Прыведзеныя прыклады толькі пацьвярджаюць ранейшыя назіраньні шмат каго з экспэртаў:

Пераўтварэньні пры дакладнай пэрспэктыве інтэграцыі ў Эўропу, безумоўна, больш пасьпяховыя і бясьпечныя, чым безь яе. Рэч тут ня толькі ў павелічэньні замежнай дапамогі і наўпроставых інвэстыцыяў, хоць абодва гэтыя чыньнікі таксама вельмі важныя. Магчымасьць далучыцца да Эўразьвязу зьмяняе палітычны клімат у краінах-прэтэндэнтах, беручы верх над нацыяналістычнымі настроямі і прывабліваючы эліту амаль з усіх партыяў[3].

Умовы, што ставіць Эўразьвяз прэтэндэнтам, прынцыпова розьняцца ад іншых, менш пасьпяховых формаў міжнароднага ціску… Адрозна ад усіх іншых заходніх дзяржаваў і міжнародных арганізацыяў, Эўразьвяз патрабуе поўнага выкананьня дэмакратычных нормаў і мае шырокую і высокаарганізаваную сыстэму маніторынгу. Мабыць, самае важнае ў тым, што, адрозна ад звычайных палітычных умоваў, перавагі ўваходжаньня ў Эўразьвяз (рэальныя і ўяўныя) дастаткова вялікія, каб прымусіць шырокія групы эліты пайсьці на далёкасяжныя саступкі. У выніку такія краіны, як Румынія, ня менш абцяжараныя посткамуністычнай спадчынай, дасягнулі значных посьпехаў у дэмакратызацыі. Эўразьвяз дасюль сур’ёзна не разглядаў Украіны як кандыдата на ўступленьне. Аднак калі б гэта адбылося, шанцы дэмакратыі ва Ўкраіне рэзка ўзрасьлі б[4]. І ўсё ж шляхі разьвіцьця заходніх рэспублік былога СССР у другой палове 1990-х гг. істотна разышліся ня толькі ў параўнаньні з Балканамі, але і між сабою. На пачатку дзесяцігодзьдзя ўсім чатыром краінам: Украіне, Беларусі, Малдове і Расеі – была ўласьцівая адносная адкрытасьць пры дынамічнай палітычнай канкурэнцыі. У выніку ва ўсіх іх, апроч Расеі, адбыліся электаральныя рэвалюцыі. (У Расеі яе не дапусьціў Ельцын, арганізаваўшы антыпарлямэнцкі путч і перапісаўшы Канстытуцыю.) Аднак наяўнасьць палітычнай канкурэнцыі абумоўлівалася “ў значна меншай ступені разьвітасьцю грамадзянскай супольнасьці, моцнымі дэмакратычнымі інстытутамі ці дэмакратычнасьцю кіраўніцтва і ў значна большай ступені – няздольнасьцю дзейных кіраўнікоў дзяржавы захаваць уладу і засяродзіць у сваіх руках палітычны кантроль, падтрымліваючы адзінства эліты, узяўшы пад свой кантроль выбары і падпарадкаваўшы сабе СМІ (ц)і ўжываючы супраць апанэнтаў сілу”. Пэўная ступень канкурэнтнасьці ў палітыцы перадусім сталася вынікам раптоўнага развалу СССР, так што аўтарытарныя кіраўнікі засталіся без арганізацыі, навыкаў і фінансавых сродкаў, неабходных, каб захаваць уладу (ц)і засяродзіць у сваіх руках палітычны кантроль[5].

Іншымі словамі, постсавецкія рэжымы ў гэтых краінах сфармаваліся ня столькі ў барацьбе за дэмакратыю, калі кіраўнікі дзяржавы імкнуцца збудаваць больш плюралістычныя інстытуты, колькі празь нязьдзейсьненасьць аўтарытарызму. Ўэй вельмі трапна назваў падобныя рэжымы “плюралізм паводле змоўчаньня” – гэтая форма палітычнай канкурэнцыі ўласьцівая слабым дзяржавам:

Плюралізм паводле змоўчаньня назіраецца ў краінах, дзе палітычная канкурэнцыя захоўваецца ня дзякуючы асаблівай дэмакратычнасьці лідэраў ці моцы актыўнага грамадзтва, а таму што ўрад занадта разьяднаны, а дзяржава – занадта слабая, каб увесьці аўтарытарнае кіраваньне ў дэмакратычным міжнародным асяродку. У падобных сытуацыях лідэрам бракуе ўладных паўнамоцтваў і каардынацыі дзеяньняў, каб ня даць сёньняшнім хаўрусьнікам стаць заўтрашнімі канкурэнтамі, каб узяць пад кантроль заканадаўчую ўладу, увесьці цэнзуру, пасьпяхова маніпуляваць вынікамі выбараў ці ўжываць сілу супраць палітычных апанэнтаў. Гэткія краіны апынаюцца ў парадаксальным становішчы: тая ж слабасьць дзяржавы і разьяднанасьць ураду, што спрыяе плюралізму, таксама замінае эфэктыўнаму кіраваньню і ў доўгатэрміновай пэрспэктыве можа паставіць пад пагрозу станаўленьне трывалай дэмакратыі.

Аднак зь цягам часу постсавецкая эліта завалодала значнымі багацьцямі празь ценявую прыватызацыю і іншыя сумнеўныя зьдзелкі. Яна навучылася маніпуляваць выбарамі, СМІ і палітычнымі апанэнтамі. Слабасьць дзяржавы яна паступова ператварыла ў своеасаблівую моц, пад якой найперш маюцца на ўвазе мэтады і маштабы прымусу.

Каб зразумець, што ў гэтай перамене – сапраўдная сутнасьць “трансфармацыяў”, трэба прыгадаць, што слабасьць постсавецкіх дзяржаваў была вынікам ня столькі адсутнасьці па распадзе СССР адпаведных структураў, колькі поўнай разладжанасьці ўсіх савецкіх інстытутаў, успадкаваных постсавецкімі рэспублікамі. Усе гэтыя інстытуты: парлямэнты і ўрады, мясцовыя саветы і выканаўчыя камітэты, суды і мытня, міліцыя і службы бясьпекі – адыгрывалі другасную ролю ў параўнаньні з рэальным цэнтрам улады, які прыводзіў у дзеяньне ўсю сыстэму, прымушаў яе працаваць, хоць і неэфэктыўна. Усе важныя рашэньні прымаліся камуністычнай партыяй. Яна ж распачынала ўсе перамены, вымагала адданасьці і паслушэнства ад усіх падначаленых. Калі напрыканцы перабудовы ейная ўлада аслабела, сталася відавочнай недзеяздольнасьць ленінісцкай дзяржавы. Няўдалы камуністычны путч і канчатковы сыход партыі з палітычнай арэны пакінулі камуністычную дзяржаву безь яе рухальнай сілы і зрабілі развал Савецкага Саюзу непазьбежным.

Успадкаваўшы недзеяздольныя аскепкі недзеяздольнай імпэрыі, мясцовая эліта постсавецкіх рэспублік мела выбар: або збудаваць новыя дзяржаўныя інстытуты, заснаваныя на вяршэнстве закону, дэмакратычных працэдурах і арганізацыі грамадзтва, або ажывіць разладжаныя квазіінстытуты ленінісцкай дзяржавы пры дапамозе іншых нефармальных мэтадаў і напаўзаконных структураў. Першы варыянт адназначна абралі толькі дзяржавы Балтыі. Усе астатнія постсавецкія рэспублікі пайшлі другім шляхам. На зьмену Цэнтральным Камітэтам Камуністычнай партыі зьявіліся прэзыдэнцкія адміністрацыі, а прадстаўнікі прэзыдэнта – “губэрнатары”, – маючы ў сваім падпарадкаваньні аналягічны апарат, перанялі ролю мясцовых камуністычных бонзаў. Каб відазьмененая сыстэма запрацавала, патрабавалася толькі адно.

Ценявая ўлада камуністычнай партыі палягала на камуністычнай ідэалёгіі, абавязковай для ўсіх, хто займаў больш ці менш значныя пасады (ц)і імкнуўся ўзьняцца па сацыяльнай лесьвіцы. Ідэалёгія была дзейснай прыладай дзяржаўнага кантролю, бо “ідэалягічны шантаж” дазваляў дамагацца адданасьці сыстэме ад любога падначаленага. За постсавецкімі безыдэалягічнымі рэжымамі дасягаць адданасьці даводзілася іншымі сродкамі – часткова, як зазвычай, хабарам і ўлучэньнем у сыстэму, часткова пры дапамозе новага віду шантажу – эканамічнага, абавязанага сваім зьяўленьнем прыйсьцю алігархічнага капіталізму.

Зьвязанасьць з Захадам і адступніцтва эліты

Большасьць дасьледчыкаў згаджаецца, што ў краінах са слабаразьвітай грамадзянскай супольнасьцю і кволымі дэмакратычнымі традыцыямі ўсе кардынальныя зьмены наўпрост альбо ўскосна абумоўленыя разьяднанасьцю або расколам унутры аўтарытарнай уладнай групоўкі. Як адзначае Ўэй, “адступніцтва эліты – істотны складнік плюралізму паводле змоўчаньня”; “моцна разьяднаная эліта найхутчэй перашкодзіць умацаваньню аўтарытырызму, бо кантроль дзейнага кіраўніка дзяржавы над падпарадкаванымі яму структурамі зьменшыцца, а без належнага кантролю не навязаць антыдэмакратычных правілаў гульні. Узрастае верагоднасьць, што СМІ ня будуць выконваць загадаў неаб’ектыўна асьвятляць падзеі, службы бясьпекі – ужываць рэпрэсіі супраць апазыцыі, а мясцовыя ўлады – падтасоўваць вынікі галасаваньня”.

Значэньне канкурэнцыі ўнутры эліты павялічваецца тым, што галоўныя супернікі аўтарытарнай улады, як правіла, зьяўляюцца зь ейнага ж вузкага кола. Ва Ўкраіне ня толькі Юшчанка быў прэм’ер-міністрам Кучмы, але і сам Кучма быў прэм’ерам за Краўчуком, а Краўчук – адным з партыйных босаў за Шчарбіцкім. Высокія пасады дапамагалі ім усім адтачыць палітычныя навыкі, стварыць патрэбны публічны імідж, займець рэпутацыю памяркоўных і кампэтэнтных палітыкаў. Калі б яны пачыналі кар’еру ў апазыцыі, дасягнуць усяго гэтага ім было б немагчыма, бо апазыцыянэраў альбо не дапускалі да найбольш уплывовых СМІ, альбо дэманізавалі як небясьпечных радыкалаў, альбо, што яшчэ горш, зь іх кпілі, як з інфантыльных і некампэтэнтных ідэалістаў.

Адступніцтва эліты, бясспрэчна, адыграла вырашальную ролю ў мірным зьвяржэньні рэжымаў Мілошавіча і Шэварднадзэ, а таксама ў падзеньні камуністычных рэжымаў у 1989–1991 гг. Цалкам натуральны падзел унутры ўладнай групоўкі не абавязкова прыводзіць да адкрытага адступніцтва з боку пэўнай яе часткі ці нават да прыхаванага сабатажу. Дзеля гэтага патрабуюцца, як правіла, яшчэ два чыньнікі: магутны ціск “зьнізу” палітычна актыўных масаў і адчувальны ціск “зьверху” міжнародных урадавых і няўрадавых структураў, якія могуць прызнаць правамоцным або неправамоцным аўтарытарны рэжым.

Стывэн Левіцкі і Лукан Ўэй называюць чатыры арэны барацьбы, што існуюць пры аўтарытарных рэжымах з пэўнай доляй палітычнай канкурэнцыі: выбарчае поле, заканадаўчая ўлада, судовыя органы і СМІ. Яны дзейнічаюць дзякуючы захаваньню напоўненых рэальным зьместам дэмакратычных інстытутаў. Пры іх дапамозе апазыцыйныя сілы могуць пэрыядычна кідаць выклік кіраўнікам-аўтакратам, аслабляць, а бывае, што і перамагаць іх. Адразу відаць, што ва Ўкраіне, адрозна ад Беларусі, усе гэтыя структуры ніколі цалкам не падпарадкоўваліся ўладзе. Выбары заўсёды адзначаліся рэальнай канкурэнцыяй, падлік галасоў адбываўся збольшага справядліва, нягледзячы на значныя злоўжываньні дзяржаўнай уладай падчас перадвыбарчых кампаніяў. Украінскі нацыянальны парлямэнт, адрозна ад расейскага і беларускага, ніколі не ператвараўся ў марыянэтку ў руках прэзыдэнта. Хоць парлямэнт і ня меў значнага ўплыву на палітыку ўраду, але ўсё ж ён “выконваў ролю галоўнай пляцоўкі для дзейнасьці апазыцыі, забясьпечваючы дэпутатам адносна лёгкі доступ да СМІ і імунітэт ад перасьледу”.

Судовая ўлада хоць і падпадала пад махінацыі і ўціск, а часьцяком і карумпавалася, захавала пэўную ступень незалежнасьці, асабліва на найвышэйшым узроўні. Судзьдзяў Вярхоўнага суду немагчыма адхіліць ад пасады да 65-гадовага ўзросту, калі яны мусяць сыходзіць на пэнсію. І нарэшце, незалежныя СМІ, як бы іх ні запалохваў, ні выціскаў з інфармацыйнага поля ўрад, усё ж даносілі да грамадзтва не прасеяную скрозь сіта цэнзуры інфармацыю. Нават у найгоршыя месяцы 2004 г., калі рэжым у агоніі нібы сарваўся з ланцуга, апазыцыя па-ранейшаму мела доступ да газэтаў зь вялікімі накладамі, такіх, як “Сільскі вісті”, што падтрымлівалі сацыялістаў, “Україна молода”, што выступала за Юшчанку, “Вечерние вести”, што былі на баку Цімашэнкі, незалежнае “Дзеркало тижня”, а таксама да асобных FM-станцыяў і да знакамітага “5-га каналу” тэлебачаньня. (Хоць “5-ты канал” і выціснулі з большасьці рэгіёнаў, але яго можна было глядзець па кабэльным тэлебачаньні на трэцяй частцы ўкраінскай тэрыторыі, у т. л. і ў Кіеве.)

Усё гэта тлумачылася ня толькі адноснай сілай грамадзянскай супольнасьці, што мела некаторую традыцыю, прынамсі, у цэнтральнай і заходняй Украіне, і выявіла большую здольнасьць супрацьстаяць аўтарытарнаму ціску, чым чакалі многія назіральнікі. Надзвычай важную ролю адыграла палярызаванасьць і разьяднанасьць украінскай эліты. Яна перашкодзіла ўмацаваньню аўтакратычнай прэзыдэнцкай улады, стварыўшы фактычна нефармальную сыстэму стрымліваньня і супрацьваг. Спаборныя кланы алігархаў, з аднаго боку, і адчувальныя сілы дэмакратычнай апазыцыі – з другога, актыўна ўзаемадзейнічалі, заключаючы і парушаючы дзівосныя тактычныя альянсы паміж рознымі групоўкамі і асобамі.

Між тым шмат для каго з алігархаў добрыя стасункі з Захадам набылі першачарговую значнасьць. На асабістым узроўні яны ажыцьцявілі глыбокую “эўраатлянтычную інтэграцыю”: займелі прыватныя банкаўскія рахункі, нерухомасьць, мілую постсавецкую звычку навучаць сваіх дзяцей у добрых заходніх унівэрсытэтах, лячыцца ў Бадэн-Бадэне, а не ў крамлёўскім шпіталі, і аддавацца la dolce vita (салодкаму жыцьцю) на самых лепшых міжнародных курортах. Дзякуючы падобнай зьвязанасьці з Захадам, украінская эліта вельмі не хацела ісьці на якія-кольвек радыкальныя крокі, што маглі б аслабіць яе сувязі з Захадам. Шмат хто зь іх, у т. л. і зяць Кучмы, мэталюргічны магнат Віктар Пінчук, лічыў страту ўлады і некаторых эканамічных прывілеяў меншым ліхам, чым магчымыя міжнародныя санкцыі, што ўключалі б адмову ў візах і, як падказала Мадлен Олбрайт, замарожваньне банкаўскіх рахункаў.

Калідор магчымасьцяў

Пасьпяховыя электаральныя рэвалюцыі ва Ўкраіне і некаторых іншых посткамуністычных дзяржавах, даўно выкрасьленых са сьпісу магчымых дэмакратычных краінаў, выклікалі ажыўленыя дыскусіі сярод палітыкаў, навукоўцаў і журналістаў наконт магчымага пашырэньня “дэмакратычнай заразы” на афарбаваныя ў колер дыктатуры абсягі былога СССР. Беларускі аналітык Віталь Сіліцкі па-ранейшаму вельмі скептычна ацэньвае пэрспэктывы новых дэмакратычных прарываў на постсавецкай прасторы. Іронія лёсу ў тым, кажа ён, што цяпер, пасьля дэмакратычных рэвалюцыяў апошніх гадоў, арганізаваць падобную зьмену ўлады ў іншых краінах будзе не прасьцей, а яшчэ складаней. Сіліцкі падае два асноўныя аргумэнты: па-першае, астатнія постсавецкія краіны – не напаўаўтарытарныя, а цалкам аўтарытарныя, там няма практычна ніякай рэальнай палітычнай канкурэнцыі: па-другое, іх кіраўнікі вынесьлі з “каляровых рэвалюцыяў” асноўны ўрок: трэба яшчэ мацней нацягнуць лейцы аўтарытарызму.

Для пачатку адзначым, што многія з астатніх дзяржаў, якія калісьці ўваходзілі ў Савецкі Саюз, папросту ня маюць адзнак канкурэнтных аўтарытарных сыстэм. Улада сканцэнтраваная ў руках прэзыдэнтаў, а прадстаўнічыя інстытуцыі выконваюць дэкаратыўныя функцыі. Кантроль за эканамічнымі рэсурсамі яшчэ больш канцэнтраваны, часткова дзякуючы наяўнасьці лёгка кантраляваных прыродных рэсурсаў. Пра незалежных алігархаў альбо нічога не чутно, альбо яны былі плянамерна зьнішчаныя. Кантроль за фінансавымі рэсурсамі часта дапамагае падтрымліваць высокую ступень грамадзкай згуртаванасьці, паколькі спрашчае разьмеркаваньне грошай (Шэварднадзе доўга не плаціў заробкаў сваёй службе бясьпекі, але азэрбайджанскі прэзыдэнт Гейдар Аліеў і беларускі Аляксандар Лукашэнка такой памылкі ніколі не рабілі). Эліты былі старанна вычышчаныя і ператасаваныя з мэтай прадухіліць узьнікненьне ўнутранай апазыцыі, а іншадумства строга караецца. Грамадзянская супольнасьць і палітычная апазыцыя слабыя (калі яны ўвогуле існуюць); калі ж ім удаецца набыць пэўны ўплыў, іх адразу імкнуцца зьнішчыць і дыскрэдытаваць. Найбольш уплывовых і харызматычных лідэраў апазыцыі садзяць у турму па сфабрыкаваных абвінавачаньнях, мяшаюць з брудам у падкантрольных рэжыму СМІ альбо робяць зь імі штось яшчэ горшае (успомнім, напрыклад, пра “зьнікненьні” беларускіх апазыцыйных палітыкаў). Рэшта апазыцыі застаецца напалоханай альбо няздольнай для змаганьня.

Так, больш кансалідаваныя аўтарытарныя рэжымы яшчэ праводзяць выбары, але робяць стаўку ня так на падтасоўку галасоў і пасьлявыбарныя рэпрэсіі (як у мякчэйшых вэрсіях недэмакратычных сыстэм), як на зьнішчэньне сваіх апанэнтаў, падрываючы такім чынам веру ў саму магчымасьць палітычных зьменаў шляхам выбараў. Яны старанна песьцяць міт, што лідэру такой палітычнай сыстэмы няма альтэрнатывы, а ў шырэйшым сэнсе – што няма альтэрнатывы і самой такой палітычнай сыстэме. (…) Рэпрэсіі ў такіх сыстэмах – ня сродак самазахаваньня, а лад жыцьця[6].

Хоць некаторыя рэжымы, напрыклад, армянскі ці расейскі, у параўнаньні зь сярэднеазіяцкімі “султанатамі” здаюцца ўсё ж досыць “лібэральнымі”, але яны хутка засвойваюць, што “занадта лібэральныя” аўтакраты могуць доўга не працягнуць. Тактыка выжываньня ў іх простая: больш жорсткія законы, больш суворы кантроль, больш папераджальных удараў па апазыцыі. Сіліцкі робіць выснову, што ў выніку “будзе больш небясьпечна вылучаць сваю кандыдатуру на выбарах, больш небясьпечна арганізоўвацца, больш небясьпечна галасаваць за апазыцыю, больш небясьпечна публічна ў гэтым прызнавацца, больш небясьпечна выходзіць на вуліцы і бараніць свой выбар”. Урэшце аўтакраты могуць папросту перастаць лічыць галасы і пачаць штампаваць загадзя падрыхтаваныя вынікі.

У такіх абставінах дэмакратычныя апазыцыянэры, нават заваяваўшы розумы і сэрцы грамадзян, могуць ня здолець зьдзейсьніць таго, што ўдалося іх калегам зь “мяккіх” аўтакратый, – даказаць сваё права на ўладу, не парушаючы законаў, напісаных папярэдняй уладай. Калі бюлетэні не даступныя для пераліку, пратаколы не выдаюцца і не падпісваюцца, ніхто з членаў камісіі не гатовы публічна прызнацца ў махлярстве, ніводны суд не асьмельваецца прыняць справу на разгляд, то ў апазыцыі мала шанцаў абвергнуць афіцыйныя лічбы. Можна ладзіць экзыт-полы, але іх лёгка сарваць (альбо заглушыць “афіцыйнымі” апытаньнямі, якія дэманструюць амаль аднагалосную падтрымку прадстаўнікоў улады).

У такіх абставінах шляхі да палітычных перамен пралягаюць ня цераз выбарчыя ўчасткі, і якімі б ні былі гэтыя альтэрнатыўныя шляхі, яны могуць стаць дужа доўгімі. Чакаць на постсавецкай прасторы ў бліжэйшы час сьмерці якогасьці прэзыдэнта, дзяржаўнага перавароту альбо народнага паўстаньня было б нерэалістычна[7].

Аднак аўтар не сьцьвярджае, што ўсялякія намаганьні асуджаныя на паразу і ў куродымнае постсавецкае ваконца ніколі не загляне сонца. Ён папросту нагадвае, што пашырэньне дэмакратыі – цяжкая, нудная, часам рызыкоўная праца, якая зусім не гарантуе хуткіх вынікаў. Разьвіцьцё постсавецкіх краінаў перадусім залежыць ад іх народаў. Але іх грамадзянскай супольнасьці, вядома, дапамагла б падтрымка Захаду, а санкцыі супраць постсавецкай “эліты” шмат у якіх выпадках ахаладзілі б яе аўтарытарны імпэт. Нельга разьменьваць пытаньні правоў чалавека і дэмакратыі ў Расеі і Азэрбайджане на газ і нафту, а тым болей на асабістую палітычную выгаду для спадароў Шырака і Шродэра.

Магчыма, пасьпяховае палітычна-эканамічнае разьвіцьцё пасьля рэвалюцыяў, напрыклад, ва Ўкраіне і Грузіі, паўплывае на ўсе постсавецкія нацыі, дасьць ім пераканаўчы прыклад посьпеху, які значна рэальней паўтарыць, чым дасягненьні далёкіх чэхаў і славенцаў. Гэта азначае, што Захад мусіць стымуляваць іх ня менш, чым Альбанію, Сэрбію і Македонію. Зьбігнеў Бжэзінскі вельмі крытычна ставіцца да палітыкі Захаду датычна постсавецкіх дзяржаваў, асабліва Расеі і Ўкраіны, аднак верыць, што становішча можна зьмяніць, “…асабліва калі Захад дапаможа Ўкраіне прасоўвацца ў заходнім кірунку”.

Зразумела, кожная краіна ў сваім разьвіцьці, магчымым ці пажаданым, сутыкаецца з пэўнымі абмежаваньнямі, накладзенымі палітычнай культурай і гістарычнай традыцыяй, геаграфічным становішчам, тыпамі рэгіяналізму і нацыянальнай сьвядомасьці, а таксама шмат якімі іншымі чыньнікамі. Прыхільнікі гэтай тэорыі перадвызначанага шляху маюць рацыю ў тым, што куды мы прыйдзем, залежыць ад таго, адкуль мы выйшлі. Аднак яны памыляюцца ў тым, што выяўляюць усю траекторыю руху простай няўхільнай лініяй. Дакладней было б казаць пра “калідор магчымасьцяў”, які могуць пашырыць (альбо звузіць) самі людзі. Ёсьць выразныя вызначальныя фактары, зь якімі трэба лічыцца, але няма жорсткага дэтэрмінізму, які трэба абагаўляць. Магчыма, у гэтым – галоўны для ўсіх нас урок “каляровых рэвалюцыяў” у постсавецкіх дзяржавах.

Замест высновы

Трывалы аўтарытарны рэжым, які цалкам усталяваўся і ў Беларусі, і ў многіх іншых постсавецкіх рэспубліках, – дастаткова стабільная, хоць і закасьнелая зьява. Ён можа трываць доўга. Найбольш магчымасьцяў зьмяніць сыстэму маюць акурат тыя, хто найбольш зацікаўлены ў ейным захаваньні. Узьнікае заганнае кола, разарваць якое надзвычай цяжка. Зрабіць гэта можа толькі моцная грамадзянская супольнасьць, але рэжым усімі сродкамі не дае ёй разьвівацца. І ўсё ж, нягледзячы ні на што, асобныя прыкметы сьведчаць: ня ўсё так безнадзейна.

Па-першае, аўтарытарны рэжым пры ўсім ягоным дэспатызьме – усё ж не таталітарны. У яго рамках застаецца нейкая прастора для розных поглядаў, ідэалёгіяў, нават для нейкай палітычнай і эканамічнай свабоды.

Па-другое, аўтарытарны рэжым пры ўсім адзінстве ягоных карпаратыўных інтарэсаў – не маналітны. У ім існуюць свае канкурэнтныя групоўкі са сваімі эканамічнымі інтарэсамі і палітычнымі прыхільнасьцямі. Больш за тое, Беларусь мае досыць абмежаваныя запасы прыродных рэсурсаў, і яе адсталая эканоміка ня можа забясьпечыць грамадзтва, ужо ня кажучы пра “вярхі”, колькасьць і спажывецкія запатрабаваньні якіх растуць і растуць. І хоць паноўную паразытычную групоўку па-ранейшаму задавальняе аўтакратыя Лукашэнкі, з шэрагаў уладнай эліты непазьбежна паўстануць “унутраныя дысыдэнты”, якія раней ці пазьней прывядуць да новай хрушчоўскай адлігі, гарбачоўскай перабудовы ці рэвалюцыі Ататурка.

І нарэшце, Беларусь знаходзіцца ў Эўропе, таму на яе непазьбежна зьвяртае ўвагу і ўплывае Захад. У галіне СМІ, правоў чалавека, вяршэнства закону дапамога Захаду азначае найперш маніторынг шматлікіх парушэньняў і міжнародны ціск на беларускі ўрад, у т. л. санкцыі супраць кожнага канкрэтнага чыноўніка, што іх дапускае. Як выразна сьведчыць прыклад Югаславіі, калі раздаваць больш бізуноў аўтарытарнай уладзе і больш пернікаў – розным інстытутам і асобам нованароджанай грамадзянскай супольнасьці, гэта можа прывесьці да некаторых станоўчых вынікаў.

Сапраўды, Захад мае досыць мала падважнікаў узьдзеяньня на Беларусь, бо ў краіне не адбылося буйнамаштабнай прыватызацыі, ня ўзьнікла алігархічных кланаў, а таму не ўсталявалася “плюралізму паводле змоўчаньня”. Беларускі аўтарытарызм у вялікай ступені пэрсаналізаваны ў асобе непрадказальнага дыктатара. Але гэта не азначае, што ён усёмагутны і яму нельга кінуць выклік. Беларуская эліта непазьбежна разаб’ецца на фракцыі, як гэта здарылася нават пры больш трывалай дыктатуры ў Румыніі і ў СССР. Зьвязанасьць Беларусі з Захадам досыць моцная: беларускае грамадзтва ў аснове сваёй эўрапейскае, у ім адбываецца досыць актыўны інфармацыйны і чалавечы абмен з Захадам (беларусаў на Захадзе пабывала большая доля ад агульнага ліку насельніцтва, чым украінцаў), а нябачная рука свабоднага рынку дзейнічае, хоць і ў абмежаваным маштабе, у дробным гандлі, сыстэме абслугоўваньня і малой вытворчасьці.

Вядома, Захад ня можа зрабіць за беларусаў іх справу, але ён, бясспрэчна, можа і мусіць рабіць сваю справу ў дачыненьні да Беларусі значна лепш.


[1]
Diamond, Larry Jay. Thinking about Hybrid Regimes // Journal of Democracy. Vol. 13. 2002. No. 2. P. 24.
[2] Гл. штогадовыя справаздачы “Freedom House”.
[3] Mungiu-Pippidi, Alina. Beyond the New Borders // Journal of Democracy. Vol. 15. 2004. No. 1. P. 50.
[4] Way L. The Sources and Dynamics of Competitive Authoritarianism in Ukraine // Journal of Communist Studies and Transition Politics. Vol. 20. 2004. No. 1. P. 15.
[5] Way L. Authoritarian State Building and the Sources of Regime Competitiveness in the Fourth Wave. The Cases of Belarus, Moldova, Russia, and Ukraine // World Politics. Vol. 57. 2005. No. 2.
[6] Сіліцкі, Віталь. Выбары палітычнага выбару // ARCHE. 2005. № 2.
[7] Сіліцкі, Віталь. Выбары палітычнага выбару // ARCHE. 2005. № 2.

 

Published 7 February 2007
Original in English
Translated by П.С.
First published by Arche 12/2006

© Mykola Riabchuk / Arche / Eurozine

PDF/PRINT

Read in: EN / BE

Published in

Discussion